Іван Хруцкі (1810 – 1885 гг.)
Беларускі мастак-жывапісец, прадстаўнік класічнага рэалізму. Майстар нацюрморта, пейзажаў, інтэр'ераў, алтарных карцін, абразоў.
Першапачатковую мастацкую адукацыю Iван Хруцкі атрымаў у Полацкім ліцэі, дзе пасля ліквідацыі езуіцкай акадэміі яшчэ доўга захоўваўся рысавальны клас, заснаваны ў пачатку ХІХ ст. Габрыелем Груберам.
У 1827 г. Іван Хруцкі прыехаў у Санкт-Пецярбург.
У Пецярбургскую акадэмію мастацтваў Хруцкі прыйшоў ужо досьць падрыхтаваным вучнем. Малады мастак быў залічаны вольным слухачом па класу партрэтнага і ландшафтнага жывапісу. Ён таксама пачаў браць урокі жывапісу ў Джорджа Доу (1781-1829), англійскага жывапісца, які працаваў у 1818-1828 гг. у Расіі.
У 1830г. дзякуючы пратэкцыі Я.Аляшкевіча Хруцкі працуе ў Эрмітажы. Практыка капіявання, як форма навучання, была шырока распаўсюджаная ў Расіі, у тым ліку і ў Акадэміі мастацтваў. І.Ф. Хруцкі паспяхова капіяваў творы еўрапейскіх майстроў XVII-XVIII стст. Асэнсоўваючы вопыт еўрапейскага класічнага мастацтва, ён засвойваў навыкі, прыёмы, законы кампазіцыі. Сярод работ пецярбургскага перыяду трэба вызначыць "Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной(1838 г.)". На акадэмічнай выстаўцы яна была ўдастоена малога залатога медаля.
У гэты перыяд у Пецярбургу асаблівай папулярнасцю карыстаўся жанр "кветак і пладоў". У гэтым заслуга самога мастака, які стварыў шмат эфектных нацюрмортаў.
У 1839 г. памёр бацька мастака. На Івана Хруцкага, як старэйшага сына, лягла адказнасць за лёс маці, братоў і сясцёр. Ён вымушаны пакінуць Пецярбург, дзе ўжо быў шырока вядомы і запатрабаваны, і з'ехаць на радзіму, у Беларусь.
Але там ён працуе наездамі, праводзячы шмат часу ў сталіцы.
У 1845 г. ажаніўся на Ганне Ксавер'еўне Бэмбноўскай. З гэтага часу і да канца жыцця ён жыў і тварыў на радзіме, за выключэннем дзесяцігоддзя з 1846 па 1854-55 г., калі працаваў у Вільні па заказах арцыбіскупа (з 1852 - мітрапаліта) Іосіфа Сямашкі. Па замове арцыбіскупа І. Хруцкі напісаў 32 партрэта (усе аднаго памеру) асоб духоўнага звання, у іх ліку адзіны захаваўся на сённяшні дзень - "Партрэт Вікенція Лісоўскага" (1847).
У Літве І.Ф.Хруцкі быў ацэнены і як іканапісец, і як партрэтыст. Асабліва значньм дасягненнем віленскага перыяду з'яўляюцца партрэты. Такія, як партрэт гісторыка Балінскага, пісьменнікаў Маліноўскага, Янкоўскага і іншых. Гэтыя работы вылучылі Хруцкага ў лік лепшых партрэтыстаў таго часу. Характэрнай асаблівасцю партрэтаў, напісаных Хруцкім у гэты перыяд, з'яўляецца глыбокі псіхалагізм.
Праца мастака амаль не давала яму сродкаў для існавання, бо ў Паўночна-Заходнім краі былой Расійскай імперыі тады было мала мецэнатў, якія трацілі грошы па набыццё твораў мастацтва.
Дапускалася выдаткоўваць сродкі на стайні, псярні, судовыя цяжбы, але нават неяк падазрона было "выкідаць" іх на размаляванае палатно. Надзвычай таленавіты чалавек жыў дужа стрымана і сціпла. Таму ў апошнія гады Хруцкі як мастак працуе мала. Захавалася толькі некалькі значных твораў гэтага перыяду.
Памёр Іван Хруцкі 13 студзеня 1885 г. Пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах.