Сілівановіч Нікадзім Юрʼевіч жывапісец, партрэтыст канца XIX - пачатку XX ст.
Яго творчасць звязана з такімі краінамі, як: Беларусь, Літва, Расія.
Нарадзіўся 1834г. у вёсцы Цынцавічы Віцебскага павета (непадалёк ад Маладзечна) у сям’і селяніна.
Бацьку яго прызначылі старэйшынай вясковай грамады. Хутчэй за ўсё, гэтая пасада дазволіла яму ўладкаваць сына ў маладзечанскае пяцікласнае вучылішча для дваран: сярод усіх вучняў юны Нікадзім быў адзіным прадстаўніком сялянства. Адукацыю атрымаў у маладзечанскім пяцікласным дваранскім вучылішчы Віленскай губерні.
У 20 год Нікадзім стаў рэпетытарам сына аднаго памешчыка - інтэлектуала, вучыў грамаце і маляванню. Гэты памешчык заўважыў у юнака схільнасць да малявання, таму ён адправіў яго за свой кошт вучыцца у пецярбургскае «Таварыства заахвочвання мастацтваў». А праз два гады Нікадзім стаў студэнтам Імператарскай Акадэміі мастацтваў, дзе яго настаўнікамі былі прафесара Ф. Бруні, Ц. Нэф і А. Маркаў.
Ды і аднакурснікамі Нікадзіма былі: Іван Крамской, Васіль Верашчагін, Павел Чысцякоў і Іван Трутнеў — той самы, які ў 1866 годзе паедзе ў Вільню і створыць там унікальную бясплатную мастацкую школу.
Вядома, што ў студэнцкія гады Сілівановіч часцей за ўсё займаўся партрэтным жывапісам, але работы гэтага перыяду не захаваліся. У 1863 годзе Сілівановіч спыніў сваё навучанне і падаў прашэнне ў Савет Акадэміі з просьбай надаць яму званне свабоднага мастака і зволіць з Акадэміі.
Прычына невядома. Так ці інакш, мастак, нягледзячы на тое, што яго родны край палаў у агні вялікага паўстання, у красавіку аказаўся спачатку ў Вільні, а потым - дома, у вёсцы Цынцавічы.
Ужо ў наступным годзе ён атрымаў заказ ад Лідскага павятовага праўлення на афармленне храма: у Шчучыне піша «святыя лікі» і партрэты дзеячаў царквы.
Але на Радзіме Сілівановіч не затрымаўся: тут пасля разгрому паўстання культурнае жыццё прыйшло ў заняпад, заказаў практычна не было, а мастакоўская душа зноў імкнулася ў Пецярбург, у Акадэмію...
На пачатку верасня 1866-га Сілівановіч з жонкай і сынам-немаўлём Стэфанам накіроўваецца ў Пецярбург і пасяляецца ў доме № 7, на 7 лініі Васільеўскага вострава. Наступным днём творца прадставіў Савету Акадэміі некалькі палотнаў, і літаральна адразу ж, 5 кастрычніка, атрымаў званне класнага мастака трэцяй ступені. Яму быў прызначаны і чын XIV класа. У той самы час Фёдар Бруні ў сувязі з пачаткам грандыёзнага афармлення інтэр'ера Ісакаўскага сабора адкрыў у Акадэміі мазаічнае аддзяленне. Вельмі былі патрэбны мастацкія кадры, і прафесар прапанаваў свайму былому выхаванцу месца вучня.
Творчасць Сілівановіча развівалася ў пераходны перыяд ад класіцызму да рэалізму, што знайшло адлюстраванне ў яго работах. Нікадзім быў ацэнены як партрэтыст, як іканапісец, і як мазаік.
У 1870-х г. Сілівановіч, у ліку іншых мастакоў, быў запрошаны Акадэміяй мастацтва да працы па роспісу Ісакіеўскага сабора у Пецярбургу.
За ўдзел у стварэнні мазаікі «Тайная вячэра» у галоўным іканастасе сабора, мастак атрымаў званне акадэміка, і ён быў прызначаны старшым мастаком - мазаістам.
У сваёй творчасці, у гэтай манументальнай галіне, Нікадзім зрабіў вельмі шмат, можа, як ніхто іншы. Ён выкладваў смальту паводле ўзораў выдатных майстроў Адраджэння або па арыгіналах некаторых сваіх знакамітых сучаснікаў. Знакамітыя мазаікі якія мастак выканаў для Ісакіеўскага сабора, гэта: «Нясенне Крыжа», дзе Нікадзіму дасталося выкананне зямлі, драпіроўкі на нагах фігур, ззяння над галавой; «Евангеліст Лука» і «Евангеліст Матфей», выкананыя для купала сабора.
1 снежня 1898 года з-за моцнага пагаршэння зроку Сілівановічу давялося выйсці на пенсію.
Праўда, яе ён атрымаў ад імператарскага двара самую высокую ў параўнанні з былымі калегамі па Акадэміі: 1468 рублёў 20 капеек у год - сума па тым часе сур'ёзная. І гэта ўсё - за мазаікі, у якіх яму як выканаўцу-практыку роўных не было.
Таксама засталося шмат твораў мастака ў рэалістычным стыле. Сярод іх найбольш знакаміты твор Нікадзіма - «Салдат з хлопчыкам», які быў напісаны ў 1866-м годзе. У цяперашні час гэты твор знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Канешне, у той час такія "побытавыя" карціны з сялянскага жыцця малявалі многія мастакі, асабліва- будучыя перадзвіжнікі. Аўтар паказвае людзей, з кім мог кожны дзень сустракацца ў родных Цынцавічах. І тут не трэба ўдакладняць сюжэтных драбніц - хто каго ў карціне вучыць грамаце на прызбе сялянскай хаты, але хлопчык, здаецца, ад захаплення проста свеціцца! І ягоную радасць па-бацькоўску падзяляе старэйшы сябар, салдат-інвалід. Гэты чалавек мае не па ўзросце сутулую постаць, шматлікія маршчыны. На яго грудзях - Георгіеўскія крыжы і медалі. На той час, вядома, што ў рэкруты забіралі на двадцаць гадоў. Большасць салдат не мелі сям’і. І вось ён вярнуўся да дому.
Цяпер, пасля цяжкіх раненняў, герой забыты, нікому не патрэбны... Але не мінор вызначае мелодыю карціны. Хлопчык толькі што прыбег з гульні, прагна схапіўся за кніжку... Вось такі дыялог пакаленняў сцвярджае думку: дабрыня, імкненне да ведаў збліжаюць людзей. У стрыманым каларыстычным рашэнні зелянінай свеціцца галінка, што ляжыць побач з хлопчыкам, як сімвал жыцця. На другім канцы гэтай лініі цяжкай супрацьлегласцю ўспрымаеш атрыбуты вайны і нядолі- мыліцы і жабрацкую торбу...
За час вучобы ў Акадэміі і жыцця Цынцавічах мастак зрабіў шмат значных твораў пра жыццё беларускіх сялян, як «Стары пастух з Свянцяншчыны», «У школу», «Дзеці ў двары», «Болей працуем», «Сябры». Гэтыя карціны прасякнуты цеплынёй і любоўю да простага народа. Таксама намаляваў шмат партрэтаў. Сярод іх бліскучы «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы».
Чымсці ён нагадвае знакаміты твор "Дабрыдзень, спадар Курбэ!" (1854 ). Як і знакаміты Курбэ, Сілівановіч у капялюшы, з барадой і кійком.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Нікадзім з’ехаў у Пецярбург. А 21 мая 1919 г. мастак пайшоў з жыцця… У 2009 годзе ў Цынцавічах быў усталяваны памятны знак, прысвечаны Сілівановічу.
Крыніцы:
Вікіпедыя;
Мазаіка “шклянога неба” Барыс КРЭПАК